У г.п Карэлічы адкрылі мурал, прысвечаны лясной тэматыцы,

Вернуться назад
565 Просмотров

Сёння ў г.п Карэлічы   адкрылі  мурал, прысвечаны лясной тэматыцы, які ўпрыгожыў фасад шматкватэрнага пяціпавярховага дома па вуліцы  Гагарына, 24Б. Слоган малюнка на сцяне пяціпавярхоўкі  –   “Мы служым лесу, каб лес служыў людзям!”, а сам мурал прапагандуе прафесію ахоўнікаў лесу.

У цырымоніі адкрыцця  прынялі  ўдзел дырэктар  Навагрудскага лясгаса Дзмітрый Каранюк, намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Гарнастай,  выхаванцы і выхавальнікі дзіцячага сада № 2 г.п. Карэлічы. Кіраўнік лясгаса Дзмітрый Каранюк адзначыў, што па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі такія муралы будуць створаны ў кожным лясгасе краіны.  – Лес – нацыянальны здабытак і візітная картка нашай краіны. Гэты мурал –  даніна павагі людзям, якія ствараюць і ахоўваюць лясныя багацці.  Мы вырашылі  размясціць новы арт-аб’ект  у г.п. Карэлічы.  Месца выбрана сімвалічнае – побач знаходзіцца дзіцячы сад. Дзеці будуць бачыць малюнак і цікавіцца  прафесіяй.    Хай гэты арт-аб’ект, створаны ў Год добраўпарадкавання,  нагадвае і дзецям, і ўсім карэліччанам,  і гасцям гарпасёлка, і тым, хто трымае свой шлях у сталіцу нашай краіны,  пра тое,  што трэба вельмі беражліва ставіцца да лесу, да прыроды.  Загадчык дзіцячага сада Аксана Дзівак, звярнуўшыся да працаўнікоў лясгаса, сказала,  што  супрацоўніцтва з людзьмі, якія звязалі сваё жыццё з лясной справай, будзе на карысць выхаванцам і педагогам. У 2019 годзе за паспяховую рэалізацыю праекта “Зялёная школа” іх установе  быў  прысвоены статус   “Зялёная школа”, і ўжо на працягу многіх гадоў ім удаецца  пацвярджаць яго. 

– Мурал, на якім намаляваны работнік лясной галіны, які ідзе за руку з дзіцём, добра відаць  з вокнаў нашай установы, пры праездзе па  цэнтральнай вуліцы. Арт-аб'ект выдатна ўпісаўся ў інтэр'ер нашага райцэнтра, – дала асабістую ацэнку  Аксана Дзівак. Выхаванцы дзіцячага садка прачыталі падрыхтаваныя з гэтай нагоды вершы пра тое, як важна берагчы лес і прыроду.

На памяць аб мерапрыемстве ад  Навагрудскага лясгаса  рабятам уручылі памятны падарунак: сувенірны каляндар з малюнкам мурала і салодкія пачастункі.

Кацярына КУКАНАВА Фота аўтара

Источник: https://www.polymia.by/vse-novosti/1997/v-korelicax-otkryli-mural-posviashhennyi-lesnoi-tematike